Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Вытокі роднай мовы

Дата: 6 декабря 2018 в 18:21, Обновлено 18 сентября 2019 в 05:13

Беларускія народныя гульні

Грушка

 Дзеці, якія гуляюць, бяруцца за рукі, утвараючы круг, у сярэдзіне якога становіцца хлопчык або дзяўчынка. Гэта і будзе грушка. Усе ходзяць вакол грушкі па крузе:

Мы пасадзім грушку —

Вось так, вось так!

Няхай наша грушка

Расце, расце

Вырастай ты, грушка,

Вось такой вышыні;

Вырастай ты, грушка,

Вось такой шырыні;

Вырастай ты, грушка,

Вырастай у добры час!

Патанцуй, Марылька,

Пакружыся ты для нас!

А мы гэту грушку

Усе шчыпаць будзем.

Ад нашай Марылькі

Уцякаць будзем!

Грушка ў сярэдзіне круга павінна рабіць усе тое, аб чым спяваецца ў песні:танцаваць, кружыцца. На словы «Вось такой вышыні» дзеці паднімаюць рукі ўверх, а на словы «Вось такой шырыні» разводзяць іх у бакі. Калі спяваюць: «А мы гэту грушку ўсе шчыпаць будзем», усе набліжаюцца да грушкі, каб дакрануцца да яе, і хутка ўцякаюць, а грушка ловіць каго-небудзь.

Правілы гульні. Усе гульнявыя дзеянні павінны быць дакладна ўзгодненыя са словамі.

Пярсцёнак

 Дзеці, якія гуляюць,стаяць па крузе, трымаюць рукі наперадзе лодачкай. Выбіраецца адзін вядучы. У руках у вядучага ляжыць невялікі бліскучы прадмет (гэта можа быць колца, фанцік з фальгі). Вядучы ідзе па крузе і кожнаму як быццам кладзе колца ў рукі. Пры гэтым ен кажа:

Вось па крузе я іду,

Усім пярсценачак кладу,

Мацней ручкі заціскайце

Да глядзіце, не зявайце.

Аднаму з дзяцей ен незаўважна кладзе колца, а потым выходзіць з кола і кажа: «Пярсценачак, пярсценачак, выйдзі на ганачак!» Той, у каго ў ладоньках апынецца колца, выбягае, а дзеці павінны пастарацца затрымаць яго, не выпусціць з круга.

Правілы гульні. Пасля слоў: «Пярсценачак, пярсценачак, выйдзі на ганачак!»— усе гульцы павінны паспець хутка ўзяцца за рукі, каб не выпусціць гульца з колцам у руцэ з круга.

Жмуркі

Усе ідуць, прыскокваючы і напяваючы якую-небудзь песеньку, і вядуць гульца-ката з завязанымі вачыма. Як прывядуць да дзвярэй, ставяць яго на парог і загадваюць узяцца за ручку, а потым усе разам (хорам) нараспеў распачынаюць такую гаворку з катом:

— Кот, кот!

На чым стаіш?

— На дубе!

— За што трымаешся?

— За сук!

— Што на суку?

— Вуллі!

— Што ў вуллях?

— Мед!

— Каму ды каму?

— Мне ды сыну майму!

— А нам што?

— Нічога!

Тут усе пачынаюць тармасіць ката і спяваюць песеньку:

Кот, кот Апанас,

Ты лаві тры гады нас!

Ты лаві тры гады нас,

Не развязваючы вачэй!

Як толькі праспяваюць апошнія словы, разбягаюцца ў розныя бакі. А кот Апанас прымаецца лавіць тых, хто гуляе. Усе круцяцца вакол ката, дражняць яго: то дакрануцца да яго пальцам, то пацягнуць за вопратку.

Правілы гульні. Лавіць і разбягацца можна толькі пасля слоў: «Не развязваючы вачэй!» Той, да каго дакрануліся, часова выходзіць з гульні.

Пачынаем размаўляць па-беларуску!

Ветлівасць

Ветлівымі словамі дарослыя і дзеці карыстаюцца амаль штодня. Давайце праверым свае веды і пакажам прыклад ветлівых паводзін дзецям:

Дзякуем

Сардэчна дзякую! Я ўдзячны (удзячна) Вам! Дзякуй за дапамогу! Дзякуй за ўсё!

Просім прабачэння

Прабачце, калі ласка! Я прашу прабачэння! Вельмі шкадую, што нарабіў Вам клопату. Не сярдуйце, так атрымалася. Даруйце, мне вельмі непрыемна.

Радуемся

Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Якое шчасце! Вось гэта навіна! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Вы мяне ўзрадавалі! Мне гэта даспадобы! Гэта самая шчаслівая хвіліна ў маім жыцці! Я вельмі рады (рада)!

Жадаем

Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся! Хай Вас Бог беражэ! Хай Вам шчасціць! Хай будуць здаровы Вашы родныя! Расці дужы (дужая) ды вялікі (вялікая)! Хай здзейсняцца ўсе спадзяванні! Бывайце здаровы, жывіце багата! Добрай дарогі! Хай усё будзе добра! Хай Вам лёс не здрадзіць!

Імёны

Для бацькоў імя сына ці дачкі — самае пяшчотнае і мілагучнае. Кожнае дзіця любіць, каб да яго звярталіся неяк асабліва. Камусьці падабаюцца памяншальныя ласкавыя формы імя, камусьці — толькі поўныя. Дзецям будзе цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае нашай краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі.

Кнігі на беларускай мове

Жыло-было Воблачка. Усё цікавіла яго: і адкуль сонейка ўзыходзіць, і куды спаць кладзецца, і чаму неба сіняе, а лес зялёны?» — ці не нагадвае вам гэты казачны персанаж, прыдуманы сучаснай беларускай пісьменніцай Аленай Маслай, нашых цікаўных, няўрымслівых, дасціпных дзяцей?

Кажуць, што найлепшых поспехаў у выхаванні можна дасягнуць тады, калі дзіця не заўважае, што яго выхоўваюць. Гартаючы старонкі цікавай кніжкі, маленькі чытач разам з героямі кнігі непакоіцца і радуецца, сам спрабуе зразумець важныя ўрокі жыцця. Цудоўна, калі дзіця будзе браць іх са старонак кніг на роднай мове! Прачытайце сыну ці дачцэ ўрывак з твора Уладзіміра Дубоўкі «Шануйце ўсё жывое», які ніколі не страціць сваёй актуальнасці:

Як толькі я сябе помню, бацькі мае і старэйшыя людзі — суседзі — прывучалі нас, малых, шанаваць усё жывое, што вакол нас.

— Не тапчы травіцы, хадзі сцежачкай. Трава вырасце. Яе скосяць — будзе сена кароўкам, каню…

— Не чапай, не ламай гэтага дубочка або сасонкі. З іх вырастуць вялікія дрэвы, яны пойдуць на хату або на шафу…

— Асцярожна рві яблыкі — не паламай, не адвіхні галінку. Дрэва будзе хварэць. На паламаным суку не будзе яблыкаў…»

У многіх сем’ях існуе традыцыя — увечары перад сном бацькі чытаюць дзецям казкі. Часцей чытайце разам з дзецьмі кнігі на беларускай мове. Завітайце ў кнігарню ці бібліятэку, пазнаёмцеся з навінкамі на кніжных паліцах. Вы ведаеце кнігі «Прыгоды Нуліка» і «Я тут жыву» Уладзіміра Ліпскага, «Вандроўка з божымі кароўкамі» і «Першая прыгажуня» Алены Маслы, «Цуда-вуда» Уладзіміра Мазго, кнігі Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Маляўкі, Анатоля Зэкава і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў? Цікаўцеся дзіцячай літаратурай на роднай мове!

Паспрабуйце заахвоціць дзяцей да чытання вершаў, казак, апавяданняў, змешчаных на старонках дзіцячых часопісаў. Разам абмяркоўвайце выказаныя ў іх думкі, дапамажыце лепш зразумець прачытанае.

У тэле- і радыёрэпартажах, артыкулах газет і часопісаў, аб’явах у бібліятэках можна пачуць цікавую інфармацыю наконт прэзентацый новых кніг, творчых сустрэч з аўтарамі, іншых культурных мерапрыемстваў. Наведайце з дзецьмі хаця б некаторыя з іх. Аднак, збіраючыся на такую сустрэчу, падрыхтуйце дзіця да яе. Раскажыце, з якім пісьменнікам ладзіцца сустрэча, што чакаеце ад яе. У наш час часцей праводзяцца забаўляльныя мерапрыемствы, і дзіця звычайна не трапляе на сур’ёзныя сустрэчы. Таму бацькам варта растлумачыць дзецям, што, каб быць рознабакова развітай асобай, абавязкова трэба цікавіцца культурнымі падзеямі сучаснага жыцця.

Прыказкі і прымаўкі

Хоць, можа, у штодзённым жыцці мы рэдка размаўляем па-беларуску, але часта прыгадваем вядомыя прыказкі і прымаўкі, якія дапамагаюць выказаць свае адносіны да сітуацыі. Прыказкі надаюць мове выразнасць, дасціпнасць, паэтычнасць. «Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі ні бяседа, ні гутарка не вядзецца» — у прыказках мала слоў, але ў іх закладзена народная мудрасць. Трапныя выслоўі назапашваюцца ў нашай памяці на працягу ўсяго жыцця. Мы чуем і запамінаем іх з размоў, слухаючы казкі, песні, паданні. Усім знаёмая сітуацыя: дзіця мые посуд, раптам талерка выслізвае з рук і разбіваецца. Каб супакоіць дзіця, дарослыя прыгадваюць старое павер’е: «Посуд б’ецца на шчасце!»

Без асаблівых намаганняў памяці мы звяртаемся да прыказак і прымавак, каб вывесці правіла, даць ацэнку падзеям, характарыстыку паводзінам людзей. Як растлумачыць дзецям, што такое любоў і павага да бацькоў, як трэба ставицца да людзей, дзе знайсці даступныя ўзросту прыклады? Прапануйце малым некалькі прыказак і разам абмяркуйце іх.

Пры сонейку цёпла, пры мамачцы добра.

Добраму чалавеку жыццё ў радасць, а злому — адно гора.

Не рабі другому, што не люба самому.

У людзей пытай, ды свой розум май.

Прыказкі і прымаўкі не старэюць на працягу стагоддзяў, яны выказваюць агульначалавечую мараль сцісла, у дасканалай мастацкай форме. Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі.

Святы

Хто не ведае прыгожую легенду пра папараць-кветку, якая расцвітае ў ноч на Івана Купалу? Пра тое, што чалавек, якому пашчасціць здабыць чароўную кветку, зразумее мову птушак і звяроў, стане багатым і шчаслівым? Ноч гэтая незвычайная, казачная: дрэвы, хмызы і кветкі размаўляюць паміж сабою і нават пераходзяць з месца на месца. Менавіта ў купальскую ноч, згодна з павер’ем, трэба збіраць лекавыя расліны, якія маюць у гэты час асаблівую сілу.

На жаль, сучасныя дзеці дрэнна ведаюць беларускія святы. Пачніце знаёміць малых з народным календаром — расказвайце пра святы, якія захаваліся да нашых дзён. Напрыклад, увесну беларусы святкуюць Вербніцу, або Вербную нядзелю. У гэты вясновы дзень, за тыдзень да Вялікадня, людзі ламаюць галінкі вярбы — дрэва, поўнага магутнай жыццёвай сілы. Вербнай галінкай дакранаюцца да родных і знаёмых (найперш да дзяцей) і прыгаворваюць:

Не я б’ю — вярба б’е.

За тыдзень — Вялікдзень.

Будзь здаровы, як вада,

І багаты, як зямля.

Расці, як вярба,

Як лёд, на ўвесь год!

У бібліятэцы можна знайсці цікавыя кніжкі пра беларускія народныя святы. Разам з дзецьмі прачытайце пра провады зімы — Масленіцу, свята прылёту птушак — Саракі, пра пачатак і заканчэнне жніва — Дажынкі і Зажынкі ды іншыя народныя традыцыі.

Урокі роднай мовы

Вывучэнне мовы, якую не ведаеш, — з’ява не простая. Калі ж бацькі разам з дзецьмі вывучаюць родную мову, поспех абавязкова прыйдзе. Час ад часу можна нават спаборнічаць, хто лепш ведае сваю мову. Напрыклад, паспрабуйце з дапамогай перакладнога слоўніка (а мо і без яго) назваць па-беларуску навакольных птушак, звяроў, кветкі і г. д.

Вам доўга крочыць праз гады. Не забывайцеся ж, якія Вы пакідаеце сляды, — успамінаюцца радкі з верша Пятруся Броўкі.

Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.

Рэкамендацыі для педагогаў дашкольных устаноў па арганізацыі і правядзенні народных святаў і абрадаў

Праца па падрыхтоўцы і правядзенні ў дашкольнай установе народных святаў і абрадаў павінна быць сістэматычнай і мэтазгоднай, гэта значыць павінна:

  • быць падпарадкавана мэтам рознабаковага развіцця дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, абуджэння ў іх нацыянальнай свядомасці;
  • ажыццяўляцца ў адпаведнасці са спецыяльна распрацаваным  планам або праграмай.

Найбольш прымальнай формай планавання працы ў дадзеным накірунку з’яўляецца распрацоўка плана або праграмы ў адпаведнасці з беларускім народным календаром.

  1. Пры арганізацыі і правядзенні народных святаў і абрадаў у дашкольнай установе трэба кіравацца прынцыпамі народнай педагогікі, перш за ўсё ўлічваць магчымасці дзяцей успрымаць прапанаваныя святы, ісці ад простага да больш складанага.
  2. Каб не згубіць цікавасці да свята, падрыхтоўчую работу з дзецьмі трэба рабіць на розных відах заняткаў.
  3. Памятайце, што галоўная мэта падрыхтоўкі і правядзення святаў і абрадаў — сам працэс сумеснай працы, творчасці дзяцей і дарослых.
  4. Пытанні арганізацыі і правядзення народных святаў і абрадаў у дашкольнай установе і сем’ях з’яўляецца прадметам абмеркавання на бацькоўскіх сходах.
  5. Спецыяльнае навучанне бацькоў арганізацыі святаў і абрадаў ажыццяўляць на занятках адпаведнай праблематыкі і ў межах спецыяльных кансультацый. Пры неабходнасці кожнай сям’і дапамагчы распрацаваць план правядзення календарнага свята.
  6. Мэтазгодна перыядычна праводзіць разнастайныя гульні, апытанні бацькоў дзеля таго, каб выяўляць перамены ў адносінах да правядзення народных святаў і абрадаў і ўдзелу ў іх выхаванцаў.
  7. Памятайце, што галоўная мэта працы любога педагога калектыву дашкольнай установы ў дадзеным накірунку — спрыяць фарміраванню ў бацькоў пазітыўных адносін да правядзення народных святаў і абрадаў у дашкольнай установе і сям’і, пабуждаць іх дапамагаць дзецям актыўна ўдзельнічаць у дадзеных мерапрыемствах.

Вывучаем родную мову

(Парады бацькам)

Прапануем бацькам некалькі парад паступовага знаёмства дзяцей дашкольнага ўзросту з роднай мовай.

Пачніце з калыханак, чытання кніжак-малютак, прывітання на роднай мове.

Затым звярніцеся да збораў у садок у гульнёвай форме. “А давай апранацца па-беларуску!” – прапануйце малышу. І называйце яго адзенне: шкарпэткі, насоўка, кішэнька, каўнерык, гузікі, боцікі і г.д. Праз некалькі дзён ваша дзіця без памылак будзе знаходзіць адпаведную рэч, а потым і само назаве яе па-беларуску.

На кухні маці разам з дачушкай могуць гатаваць ежу, размаўляючы па-беларуску. Назвы садавіны, гародніны, электрапрыбораў дзеці запомняць хутка і з задавальненнем будуць ужываць іх у размове з іншымі людзьмі. Тым часам тата, займаючыся рамонтам кватэры, разам з сынам разбіраюцца, якія патрэбны цвікі, гаечныя ключы, дошкі, шпалеры і іншае.

Ідучы па вуліцы з маленькім беларусам, раскажыце яму аб помніках архітэктуры вашай вёскі, назавіце па-беларуску назвы крамаў, транспарту, дрэў у парку, хатніх і дзікіх жывёл. Не трэба навязваць малышу размову, калі ён змарыўся, хоча адпачыць або пагуляць. Рухайцеся паступова, але ўпарта і тады, калі ваша дзіця пойдзе ў школу, вы ўбачыце, што нездарма бавілі з ім час, далучаючы яго да роднай мовы.

Лічыце, гэта займае шмат часу, ці патрабуе дадатковых ведаў? Не? Тады, не адкладаючы, бярэмся за работу і добрых вам з дзіцем гульняў па-беларуску.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.